Сядзіба Дзеда Мароза чакае гасцей
4 декабря
Першы святочны цягнік «Падарожжа ў сядзібу Дзеда Мароза» адправіцца 20 снежня са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 22.46. У яго саставе будуць шэсць купэйных вагонаў з правадніцамі-снягуркамі. Пасажырамі навагодняга цягніка стануць больш за 200 турыстаў.
— Яны даедуць да Брэста, адкуль камфартабельным аўтобусам дабяруцца да Белавежскай пушчы. У нацыянальным парку госці прабудуць цэлы дзень. Турыстаў чакае насычаная навагодняя экскурсійная праграма: яны змогуць наведаць сядзібу Дзеда Мароза, домік Снягуркі, музей падарункаў і вятрак, загадаць жаданне на паляне казак і атрымаць навагодні падарунак ад самога пушчанскага чараўніка, — распавялі падрабязнасці ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі. — У праграму экскурсійнага тура таксама ўваходзіць знаёмства з музеем прыроды нацыянальнага парку «Белавежская пушча», прагулка ўздоўж вальераў з жывёламі. Назад у сталіцу з Брэста навагодні цягнік адправіцца ў 18.12 і прыбудзе ў Мінск у 22.29.
Святочныя навагоднія падарожжы ў Белавежскую пушчу, у сядзібу Дзеда Мароза чыгуначным транспартам адбудуцца таксама 26 снежня і 3 студзеня.
Сяргей Расолька
Звязда
http://zviazda.by/2014/12/63199.html
04.12.2014
К списку новостей за 2014 год
Новость предоставлена пресс-службой Белорусской железной дороги