Лунінец. Неба. Чыгунка
1 апреля
«Вечнасці належаць толькі кнігі», — лічыць краязнаўца з Лунінца Таццяна Канапацкая. Менавіта таму гэтай справе аддае ўсе сілы: за ўласныя сродкі яна ўжо выдала пяць краязнаўчых кніг, прысвечаных роднаму гораду. Сабраць звесткі пра славутых землякоў, такім чынам увекавечыўшы іх памяць, яна лічыць сваім непасрэдным абавязкам і дадае, што піша «дакументальна», бо галоўнае — сабраць тое, што можа знікнуць праз пэўны час.
Прыярытэтная тэма для яе — чыгунка, бо менавіта дзякуючы ёй Лунінец ператварыўся ў амаль 30-тысячны горад, абагнаўшы вёску Лунін, якая з’явілася раней, дала назву гэтаму населенаму пункту, але так і засталася вёскай. Падчас сваіх даследаванняў Таццяна Канапацкая гутарыць з нашчадкамі першых чыгуначнікаў, праглядае сямейныя архівы, фотаздымкі. Яна адзначае, што прааналізавала лёсы каля 65 сямей чыгуначнікаў і выявіла адну цікавую, хутчэй, не гістарычную, а чалавечую тэндэнцыю: калі хтосьці зрабіў зло, гэта адлюстроўваецца ў наступных пакаленнях…
Брукаваную дарогу выкладвалі з шасцікутнікаў, зробленых з каменю, мацнейшага за граніт.
Пешаходным мостам цераз чыгунку Лунінец падзелены на дзве часткі. Калісьці, пры будаўніцтве чыгуначнага вузла, спатрэбілася ўзводзіць дамы для працаўнікоў. Але мясцовае насельніцтва сваю зямлю (галоўную сялянскую каштоўнасць!) прадаваць не пагадзілася і прапанавала чыгуначнікам сяліцца па другі бок рэек — там, дзе балота. Так і зрабілі: нізіну асушылі, праклалі канавы, пабудавалі дамы. Гэты мікрараён стаў называцца Залессе, а ў даваенны час ён меў назву «пасад Лунінец» (у адрозненне ад цэнтра — «сяла Лунінец»). І цяпер у гэтай частцы горада пераважае прыватная забудова пачатку ХХ стагоддзя. Гуляючы па вуліцах, заўважаеш: нішто ад вачэй не засланяе неба. Для чалавека са сталіцы гэта падаецца нават нязвыклым: яно паўсюль, яго блакітным кавалкам не трэба вырывацца з-за высокіх гмахаў. Неба шчыльна і ўтульна ахінае гэтую палескую раўніну.
.JPG)
Унізе фотаздымка з відам прывакзальнай вуліцы даваеннага Лунінца стаіць лічба 1429. Уладальніца рарытэта сцвярджае, што такім чынам палякі адзначалі на паштоўках даты першай згадкі пра гарады ў старажытных летапісах. Калі ўдасца даказаць, што гэта сапраўды так, Лунінец, які рыхтуецца да 565-гадовага юбілею, «пастарэе» на 20 гадоў, а ўзрост любому гораду дадае значнасці.
Чыгунка ніколі не страчвала сваёй стратэгічнай важнасці. Калі да ўлады ў гэтай частцы Беларусі прыйшлі палякі, яны яе таксама развівалі. Шмат увагі надавалі і добраўпарадкаванню гарадскіх вуліц. Брукаваныя дарогі выклалі шасцікутнікамі, зробленымі з каменю, мацнейшага за граніт. Аднак у наш час амаль усе яны заліты асфальтам. Хтосьці заўважыў, што ў некаторых прыватных дварах ляжыць надзейная і прыгожая старая брукаванка… Адметнасць, створаную «ў польскі час», заўважаеш хіба ў Луніне, з якога па брукаванай дарозе можна дабрацца ў вёску Лобча…
Статья дана в сокращении
Ніна Шчарбацэвіч
http://zviazda.by/2014/03/37094.html
01.04.2014
К списку новостей за 2014 год
Новость предоставлена пресс-службой Белорусской железной дороги